Аналитика и исследования: Даклад “Украінскага фонда за дэмакратыю” малюе змрочную сітуацыю ва Украіне
27.01.2012
Даклад "Украінскага фонда за дэмакратыю", які ў значнай ступені грунтуецца на даследваннях і глабальных рэйтынгах розных міжнародных (у тым ліку няўрадавых) арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, малюе змрочную сітуацыю ў краіне: Украіна па-ранейшаму намагаецца мадэрнізаваць сваю эканоміку і ўсталяваць вяршэнства закона.
Самыя трывожныя высновы датычаць стану здароўя ўкраінскіх грамадзян. З даклада вынікае, што хуткасць распаўсюджвання ВІЧ-інфекцый, гандлю людзьмі і рост колькасці людзей, якія гінуць у вугальных шахтах, з 2010 па 2011 год павялічыліся.
Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі
Стан украінскай эканомікі значна пагоршыўся падчас сусветнага фінансавага крызіса 2008-2009 гадоў. У дакладзе прыводзяцца дадзеныя, якія сведчаць аб тым, што доля ўкраінцаў, якія жывуць за мяжой беднасці, вырасла з 12,5% у 2008 годзе да 13,8% у кастрычніку 2011 года.
"Урад скараціў бюджэт для Міністэрства сацыяльнай абароны на 17,16% у 2012 годзе, у той час як бюджэт футбольнага турніра "Еўра-2012" склаў амаль мільярд долараў, а выдаткі на дзяржаўную адміністрацыю павялічыліся на 45 мільёнаў долараў".
Найбольш паслядоўнае развіццё негатыўных з'яў адбывалася ў эканамічнай сферы. З 2010 па 2011 год Украіна спусцілася на сем пазіцый у міжнародных рэйтынгах - рэйтынгу інвестыцыйнага клімата Сусветнага банка і Індэксе дзелавой актыўнасці па ўмовах вядзення бізнэса (ад часопіса Forbes). У дакладзе таксама адзначаецца прыкметнае запавольванне развіцця малых і сярэдніх прадпрыемств.
З-за падзей у свеце ўзнаўленне эканомікі Украіны ў цяперашні час будзе цяжка здзейсніць. Многія члены Еўрапейскага Саюза - галоўнага гандлёвага партнёра краіны - зараз змагаюцца з праблемамі ва ўласнай эканоміцы.
Увесну мінулага года Міжнародны валютны фонд замарозіў праграмы крэдытавання для Украіны з-за яе няздольнасці павысіць кошты на бытавое спажыванне газу і тым самым скараціць дзяржаўныя выдаткі. На цяперашні момант украінскі ўрад знаходзіцца ў працэсе працяглых перамоў з Расіяй па імпарце прыроднага газу, а 19 студзеня міністр фінансаў Украіны Фёдар Ярашэнка падаў у адстаўку. Верагодна, з-за растучай напружанасці ва ўрадзе з-за эканамічных паказчыкаў краіны.
Пагаршэнне палітычнага клімату
У палітычным плане сітуацыя ў краіне крыху лепшая. Негатыўныя ацэнка ў дакладзе сітуацыі ва Украіне даецца "Рэпарцёрамі без межаў" - міжнароднай арганізацыяй, якая адсочвае парушэнні свабоды выказванняў па ўсім свеце, і даследчай кампаніяй Economist Intelligence Unit - аналітычным падраздзяленнем брытанскага часопіса Economist. У штогадовым "Індэксе дэмакратыі краін свету" ад Economist Украіна спусцілася з 67-й пазіцыі ў 2010 годзе на 79-ю ў 2011 годзе, увайшоўшы, такім чынам, у катэгорыю "часткова свабодных" краін.
Апошнім часам ЕС рэзка крытыкуе падзеі ва Украіне. У прыватнасці, судовы працэс над былым прэм'ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай, які Аб’яднаная Еўропа называе палітычна матываваным і падчас якога Цімашэнка была прызнаная вінаватай у злоўжыванні службовым становішчам. Гэтыя разыходжанні ў ацэнках прывялі да непадпісання Украінай і ЕС Пагаднення аб асацыяцыі падчас агульнага Саміта ў снежні мінулага года.
Акрамя гэтага, даклад асуджае кіеўскі ўрад за яго відавочную няўдачу ў барацьбе з хабарніцтвам, спасылаючыся на падзенне з 134-й на 152-ю пазіцыю ў свеце, на аснове штогадовага рэйтынга "Індэкс успрымання карупцыі" кампаніі Transparency International, па якім Украіна займае самую нізкую пазіцыю ў Еўропе пасля Расіі.
Пераклад занглійскай мовы: Яўгенія Камарова, ЕўраБеларусь - паводле: EurActiv.Com








