Четверг, 23.02.2012

Саннікава прымусілі падпісаць прашэнне пад пагрозай забіць усю сям’ю

Политика: Саннікава прымусілі падпісаць прашэнне пад пагрозай забіць усю сям’ю

Паўліна Калтавічанка, ЕўраБеларусь

25.01.2012

У сераду, 25 студзеня, Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзiдэнты Андрэя Саннiкава правяла прэс-канферэнцыю ў Мінску. Будынак, у якiм праходзiла мерапрыемства, ахоўвалi супрацоўнiкi мiлiцыi. Два з iх у форме стаялi на ўваходзе ў адным з пад'ездаў i размаўлялi з мужчынамi ў штацкiм.

''Ахова'' пiльна ўглядалася ў мiнакаў i сачыла за журналiстамi, якiя выходзiлi з iншага пад'езда. Сама канферэнцыя доўжылася ня больш за 20 мiнут. Пра затрыманнi не паведамляецца.

Ірына Халіп распавяла, што экс-кандыдату ў прэзідэнту дазволілі размаўляць з адвакатам ''у межах крымінальнай справы''.

''І адвакат, і Андрэй Саннікаў былі папярэджаныя адміністрацыяй калоніі, што калі іхняя размова выйдзе за межы крымінальнай справы і наглядных скаргаў, то сустрэча будзе перапыненая і больш адвакаты не атрымаюць да яго доступу. Іх папярэдзілі, што сустрэча адваката і падабароннага будзе праходзіць пад аўдыё- і відэазапіс і пад наглядам прадстаўніка адміністрацыі. Менавіта таму адвакат потым рапартавала, што Андрэй нібыта выглядае нядрэнна і скаргаў на здароўе не мае''. Гэта таксама было умовай”, - сказала яна.

Па словах Ірыны Халіп, Андрэй Саннікаў адчувае сябе вельмі кепска: ''Мяне ўразіла, наколькі зморана ён выглядае. Гэта чалавек, які за тры месяцы прайшоў мінімум 10 гадоў сталінскіх лагераў”.

Жонка зняволенага таксама паведаміла, што палітык не здолеў распавесці, у чым канкрэтна пагоршылася ягонае здароўе: ''Было бачна, што яму гэта забаронена. ''Маё зняволенне скончылася ў верасні. Далей пачаліся катаванні'', - толькі і сказаў Андрэй. Увесь гэты час Бог ведае, што з ім адбывалася. Але відавочна, што ён падвяргаўся катаванням''.

Супрацоўнікі вязьніцы пагражалі Андрэю Саннікаву, што заб’юць і яго, і родных. ''Андрэй даў мне зразумець, што яшчэ ў Магілёўскай турме, куды яго прывезлі 16 лістапада, яму пагражалі забойствам мяне і нашага чатырохгадовага сына. Андрэй гатовы памерці сам, але не дазволіць прычыніць шкоду нам з Данікам. Такім чынам яшчэ 20 лістапада з яго выбілі прашэнне на імя Лукашэнкі'', - цытуе Ірыну Халіп Хартыя'97.

''На развітанне Андрэй прыклаў да шкла паперку, дзе было напісана: ''Гаворка ідзе аб выратаванні жыцця. У любы момант мяне могуць забіць'', - сказала жонка зняволенага.

 


Меркаванні