Четверг, 23.02.2012

Балонская працоўная група: Беларусь не варта браць у Балонскі працэс

Политика: Балонская працоўная група: Беларусь не варта браць у Балонскі працэс

Generation.By

25.01.2012

Беларусь яшчэ не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Такі вердыкт вынесла працоўная група Балонскага працэса. Паседжанне групы, якая прадстаўляе ўсе 47 краін-удзельніц Балонскага пагаднення, прайшло 18-19 студзеня ў Капенгагене.

Працоўная група Балонскага працэса (Bologna Follow-Up Group) займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Менавіта яна вывучала беларускую заяўку на далучэнне да Балонскага працэса.

Паводле ацэнкі Працоўнай групы, якую цяпер узначальваюць Данія і Азэрбайджан, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэса, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Міністар адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад, што цяпер узначальвае Працоўную групу, адзначае, што для далучэння да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Беларусь мусіць правесьці "неабходныя рэформы".

Акрамя іншага, беларускія ўлады мусяць "забяспечыць абарону правоў студэнтаў". А пакуль гэтага не адбудзецца, Еўропа будзе ўзаемадзейнічаць з Беларуссю праз іншыя шляхі:

"Ёсьць іншыя шляхі дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці, студэнтам і акадэмічнай супольнасці", - гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра навукі, інавацый і вышэйшай адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад. - Данія падтрымлівае і працягне падтрымліваць the Open Europe Scholarship Scheme [стыпендыі праграмы "Адкрытая Еўропа" - Generation.By], якая дазваляе маладым беларусам атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх унівэрсытэтах".

Правал намаганняў Мінадукацыі?

Даклад Працоўнай групы будзе прадстаўлены 47 міністрам вышэйшай адукацыі краін Балонскага працэса ў красавіку на саміце ў Бухарэсце. Меркаванне групы значыць вельмі шмат і, верагодна, стане вырашальным пры абмеркаванні беларускай заяўкі на далучэнне да працэса.

Далучыцца да Балонскай дэкларацыі беларускія ўлады вырашылі ўлетку 2010 года. У лістападзе 2011 года заяўка на ўступленне ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі была пададзеная Міністэрствам адукацыі Беларусі. Канчатковае рашэнне па Беларусі мае быць прынятае 26-27 красавіка 2012 года ў Бухарэсце.

Дагэтуль не было выпадкаў, калі заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрыям Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан. Выпадак Беларусі можа стаць беспрэцэдэнтным.

Апошняя ў Еўропе

Беларусь застаецца адзінай і апошняй буйной краінай Еўропы, якая не з'яўляецца часткаю Балонскага працэса. Калі беларускую заяўку ўсё ж адхіляць, наша краіна атрымае шанец далучыцца да Балонскай сістэмы толькі ў 2014 годзе.

Акрамя афіцыйнага дакладу Мінадукацыі, Працоўная Балонская група разглядала і альтэрнатыўны даклад грамадскага Балонскага камітэта, створаны прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. У ім гаварылася аб шматлікіх парушэннях акадэмічных свабод, адлічэннях студэнтаў і звальненнях выкладчыкаў з-за іх палітычнай пазіцыі.

Таксама альтэрнатыўны даклад прапанаваў запатрабаваць ад Беларусі правесці адукацыйныя рэформы перад далучэннем да Балонскага працэса. Менавіта гэты шлях і выбралі адукацыйныя чыноўнікі Еўропы.

Таксама супраць далучэння Беларусі да Балонскага працэса выступіў Еўрапейскі студэнцкі саюз, польскія і літоўскія аб’яднанні студэнтаў.

 

Крыніца

 


Меркаванні