Четверг, 23.02.2012

Валер Карбалевіч не верыць у рэальнасць палiтычнага рэфармавання ў краiне

Мнения: Валер Карбалевіч не верыць у рэальнасць палiтычнага рэфармавання ў краiне

Паўліна Калтавічанка, ЕўраБеларусь

23.01.2012

Палітолаг Валер Карбалевіч пракаментаваў Службе інфармацыі "ЕўраБеларусі" заявы беларускага прэзідэнта адносна намераў рэфармаваць палітычную сістэму ў дзяржаве адразу пасля парламэнцкіх выбараў, якія павінныя адбыцца ўвосень. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка паведаміў у размове с прадстаўнiкамi кітайскіх СМІ.

"Мы сёння вывучаем пэўныя тэндэнцыі ў сучасным свеце і, канешне ж, мы будзем прыстасоўвацца, мадэрнізаваць нашую палітычную сістэму. <...> Думаю, што нам трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу на палітычную рэформу альбо рэформу палітычнай сістэмы нашай краіны", - сказаў прэзідэнт.

"Я даўно прадумваў гэтае пытанне, з пэўнымі асобамі абмяркоўваў гэтыя праблемы, і мы пакрысе будзем у гэтым накірунку рухацца. <...> Галоўнае - захаваць стабільнасць, галоўнае - даць чалавеку магчымасць нармальна жыць і выражаць сваё меркаванне. Галоўнае - даць чалавеку магчымасць захаваць ягоныя асноўныя правы", - дадаў Лукашэнка.

Затым ён папрасіў парады ў Кітая ў дадзеным пытанні і праінфармаваў, што неўзабаве збіраецца пракансультавацца з кіраўніцтвам гэтай дзяржавы. "Калі Кітайская Народная Рэспубліка нам у гэтым плане нешта падкажа, як звычайна, дык мы будзем вельмі ўдзячнымі. Кітай падкажа", - перакананы Аляксандар Лукашэнка.

Палітолаг Валер Карбалевіч да заяваў прэзідэнта ставіцца скептычна.

"Не думаю, што ён будзе насамрэч праводзіць нейкія палітычныя рэформы. Я не веру такім заявам, тым болей - што тычыцца мадэрнізацыі палітычнай сістэмы. Хутчэй за ўсё, на справе будуць створаны нейкія бутафорныя арганізацыі, якія пасля абвесцяць вынікам правядзення палітычнай рэформы", - сказаў ён.

Суразмоўнік таксама патлумачыў, чаму Аляксандар Лукашэнка пачаў казаць пра палітычныя рэформы менавіта зараз, хаця раней адмаўляўся ад падобных прапановаў.

"Гэта сведчыць пра тое, што на сённяшні дзень ва ўлады ёсць сур'ёзныя праблемы, што сістэма перыжывае крызіс: і ў эканоміцы, і ў палітыцы. Напрыклад, ёсць праблема недаверу з боку грамадзтва: тая частка грамадзянаў, якая раней давярала ўладам, зараз давяраць перастала, што пацвярджаюць таксама вынікі незалежных сацыялагичных апытванняў", - давёў палітолаг.

Нягледзячы на тое, што беларускі кіраўнік пра свае планы распавёў кітайскім журналістам, ягоныя заявы адрасаваныя заходнім краінам, перакананы Валер Карбалевіч.

"Гэта сігнал Захаду, што нас не трэба спісваць з рахункаў, што ў Беларусі магчымыя змены ў бок лібералізацыі. Аляксандар Лукашэнка падкрэсліў, што ў правядзенні рэформ будзе карыстацца досведам Кітая - тут не вельмі зразумела, што маецца наўвазе [заходнія дзяржавы крытыкуюць палітыку Кітая - ЕўраБеларусь]. Аднак я не думаю, што гаворка ідзе пра далейшае "закручванне гаек". У такім выпадку гаворкі пра нейкія палітычныя рэформы проста не было бы", - мяркуе палітолаг.

 


Меркаванні