МІЖНАРОДНЫ КАНСОРЦЫЮМ “ЕЎРАБЕЛАРУСЬ”
Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь" заснаваны ў 2007 годзе для стымулявання і падтрымкі праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб'екта еўрапейскіх адносін на ўсіх магчымых узроўнях. Пазней, у 2010 годзе, падчас развіцця супрацоўніцтва ў межах кансорцыюма, яго ўдзельнікі прынялі ПРАГРАМУ КУЛЬТУРНАЙ ПАЛІТЫКІ як шырэйшую і доўгатэрміновую праграму сваёй дзейнасці.
Кансорцыюм "ЕўраБеларусь" бачыць сваю місію ў развіцці, фармаванні і прасоўванні пазіцыі грамадзянскай супольнасці як роўнага, кампетэнтнага і прадстаўнічага суб'екта ў беларускім грамадстве і беларуска-еўрапейскім супрацоўніцтве на аснове ідэй і прынцыпаў праграмы Культурнай палітыкі і ЕЎРАПЕЙСКАЙ ХАРТЫІ АКТЫЎНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАСЦІ.
Прыярытэтнымі задачамі "ЕўраБеларусі" з'яўляюцца:
-
Умацаванне і развіццё сферы публічнай палітыкі (public policy) у Беларусі, якая фарміруецца з удзелам грамадзянскай супольнасці на прынцыпах кампетэнтнасці, адкрытасці, празрыстасці і грамадскага кантролю.
-
Павышэнне якасці інфармацыйнага і аналітычнага забеспячэння прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама іх мясцовых і міжнародных партнёраў.
-
Арганізацыйнае развіццё суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, іх актыўны і ўсвядомлены ўдзел у працэсах дэсаветызацыі, беларусізацыі і еўрапеізацыі.
-
Развіццё камунікатыўных пляцовак і іншых відаў платформ, накіраваных на абмеркаванне праблематыкі беларуска-еўрапейскіх адносін і актыўнай грамадзянскасці ў Беларусі і Еўропе.
Кансорцыюм "ЕўраБеларусь" не з'яўляецца традыцыйнай сеткай, асацыяцыяй ці "парасонам". Гэта адмысловы тып альянсу, які аб'ядноўвае шэраг лідэраў, экспертаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі і іншых еўрапейскіх краін вакол ідэі аднаўлення ролі і месца Беларусі ў сучаснай Еўропе. Больш правільна будзе ўспрымаць "ЕўраБеларусь" як супольнасць, якая аб'яднана адзінымі мэтамі, каштоўнасцямі і спосабамі дзеяння.
У склад Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь" уваходзіць Міжнародная няўрадавая арганізацыя "EuroBelarus" (зарэгістраваная ў Літве), заснаваны ёю Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, а таксама яшчэ 12 беларускіх і еўрапейскіх НДА (гл.: Спіс арганізацый-удзельнікаў кансорцыюма).
У рамках праграмнай дзейнасці "ЕўраБеларусь" актыўна развівае партнёрскія адносіны з шэрагам арганізацый грамадзянскай супольнасці як у Беларусі, так і за яе межамі (гл.: Спіс партнёраў кансорцыума).
За некалькі гадоў сваёй дзейнасці "ЕўраБеларусь" здолела рэалізаваць цэлы шэраг ініцыятыў у фармаце публічных слуханняў, канферэнцый, круглых сталоў, інфармацыйных кампаній і кампаній па прасоўванні грамадскіх інтэрасаў. Аналітыка і даследаванні, зробленыя спецыялістамі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, сталі трывалай асновай для самаарганізацыі і фармавання многіх груп інтэрасаў, партнёрстваў і кааліцый у грамадзянскім сектары Беларусі.
Актыўна далучыўшыся ў 2009 годдзе да ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", нягледзячы на існуючыя складанасці і перашкоды, "ЕўраБеларусь" была і застаецца адным з галоўных "лакаматываў" Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і створанай на яго базе Нацыянальнай платформы.
Сайт кансорцыюма EUROBELARUS.INFO з дзеючай на яго базе Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі" з'яўляецца адным з галоўных інфармацыйных рэсурсаў, якія асвятляюць тэму развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці і беларуска-еўрапейскіх адносін.








