ІМЁНЫ “ЕЎРАБЕЛАРУСІ”
УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ
кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”
Нарадзіўся ў 1956 годзе ў горадзе Чарамхова Іркуцкай вобласці ў сям’і, дэпартаванай з Заходняй Беларусі. Скончыў факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта. Удзельнічаў у працы Маскоўскага метадалагічнага гуртка пад кіраўніцтвам Г.П. Шчадравіцкага.
Вядомы беларускі метадолаг, філосаф і грамадскі дзеяч. Аўтар канцэпцыі Культурнай палітыкі, тэзісаў “Думаць Беларусь”, “Мы — адзін народ”, а таксама шматлікіх публікацый, прысвечаных Беларусі. Заснавальнік і лідэр Агенцтва гуманітарных тэхналогій.
Канцэптуальныя распрацоўкі Уладзіміра Мацкевіча аказваюць заўважны і шырокі ўплыў на развіццё беларускага грамадства, філасофіі і метадалогіі, палітыкі і культуры, грамадзянскай супольнасці.
УЛАД ВЯЛІЧКА
старшыня Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. Выпускнік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта.
Адзін з найбольш паважаных і вядомых лідэраў беларускага "трэцяга сектара", у якім дзейнічае з 1994 года. Сузаснавальнік шэрагу беларускіх грамадскіх арганізацый і сетак. Вопытны мэнэджэр, эксперт па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва, арганізацыйнага развіцця, праграмнай і праектнай дзейнасці, маніторынга і ацэнкі, адукацыі дарослых.
На працягу апошніх гадоў Улад Вялічка забяспечваў актыўны ўдзел арганізацый грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства". У перыяд 2009-2011 гадоў з’яўляўся сябрам і нацыянальным каардынатарам, а ў 2010-2011 гадах — сустаршынёй Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
АНДРЭЙ ЯГОРАЎ
сябра Рады Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі
Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Гродна. Скончыў аддзяленне паліталогіі юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Вядомы беларускі палітолаг, аналітык, даследчык. Аўтар шматлікіх распрацовак і публікацый па тэмах сацыяльна-палітычнага развіцця краіны, беларуска-еўрапейскіх адносін, Усходняга партнёрства, грамадзянскай супольнасці і інш.
На працягу апошніх гадоў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пад кіраўніцтвам Андрэя Ягорава аб’яднаў шэраг маладых і перспектыўных аналітыкаў і даследчыкаў, а таксама ўвайшоў у лік вядучых беларускіх “фабрык думкі” і ўсталяваў шчыльныя прафесійныя сувязі з еўрапейскімі партнёрамі.














.png)







